ПЦІ́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

баявая аперацыя Мінскага і Палескага партыз. злучэнняў па знішчэнні чыг. моста цераз р. Пціч у Капаткевіцкім р-не Палескай вобл. (цяпер Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.) З ліст. ў Вял. Айч. вайну. Партызаны неаднаразова перапынялі рух на чыг. магістралі Брэст—Гомель і, каб надоўга вывесці дарогу са строю, Мінскія падп. абком КП(б)Б і штаб партыз. злучэння распрацавалі план аперацыі пад кодавай назвай «Рэха на Палессі» з удзелам 11 партыз. атрадаў (1300 чал.). Мост ахоўвалі 2 узводы ням. салдат у 4 дзотах з мінамётамі і гарматамі, непадалёку размяшчаўся гарнізон праціўніка (750 чал.). Партызаны падарвалі чыг. палатно на З і У ад моста, каб перашкодзіць падыходу падмацавання акупантам. У час абстрэлу гарнізона і дзотаў група падрыўнікоў падарвала мост. Праціўнік адступіў. Партызаны пры адыходзе пасля бою знішчылі групу падмогі ворагу. Рух на чыгунцы быў спынены на 18 сутак, а з улікам Сінкевіцкай аперацыі 1942 больш як на 3 тыдні.

М.​У.​Філімоненкаў.

т. 13, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)